ДУНІ́ЛАВІЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ ДАМІНІКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока. Засн. ў 1683 па фундацыі Е.Белазор у в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Да 1766 існаваў драўляны касцёл. Мураваны будынак узведзены ў 1769—73 пры 2-павярховым кляштары дамініканцаў (не збярогся). У 1866 пераабсталяваны пад праваслаўную царкву (з 1919 зноў касцёл).
Мураваная 3-нефавая 2-вежавая базіліка. У аздабленні фасадаў выкарыстаны плоскія пілястры (на галоўным — падвойныя ўвагнутыя), прафіляваныя цягі, раскрапоўкі, валюты і інш. У інтэр’еры цэнтр. неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, бакавыя — крыжовымі. Скляпенні аздоблены фрэскавай размалёўкай у выглядзе расліннага арнаменту і картушаў.
Т.В.Габрусь.
т. 6, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)